Выдавецкі дом “Звязда” працягвае прыемна здзіўляць нас кнігамі энцыклапедычна-фаліянтнага кшталту. Вось і зусім нядаўна пабачыла свет яшчэ адна з іх, прысвечаная савецкім воінскім пахаванням у Еўропе. У назве выкарыстаны два заклікальныя дзеясловы: жыць і памятаць. Аўтары – журналістка, перакладчыца Алена Харашэвіч і беларускі гісторык, юрыст, пісьменнік, доктар гістарычных навук, прафесар, ганаровы прафесар Акадэміі права і кіравання Міністэрства юстыцыі Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Шаркоў. Але па ўсім відаць, што духоўным сааўтарам можна па праву лічыць настаяцеля Ўсіхсвяцкага прыхода ў Мінску пратаіерэя Фёдара Поўнага. І справа не толькі ў тым, што выкарыстаны шматлікія фотаздымкі з яго асабістага архіва, але і сама кніга цалкам стасуецца з тым, што стала сутнасцю ўзведзенага, дзякуючы яго намаганням, храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Бацькаўшчыны нашай паслужыўшых.