Настаўнікі і вучні Чыркавіцкай школы мастацтваў тройчы скарылі журы Міжнароднага форуму народнай музыкі і фальклора, які прайшоў у Мінску.
Дзяўчаты з вакальнай групы народнага ансамбля песні і музыкі “Любава” сталі лепшымі ў сваёй узроставай катэгорыі ад 26 год. Яны ўразілі расійскае журы выкананнем беларускай народнай песні “О, сівы конь бяжыць” у апрацоўцы Вольгі Токар і беларускага папуры “Купалінка” з музычным суправаджэннем.
У дзіцячай узроставай катэгорыі першае і другое месцы ўзялі ансамбль “Акалада” і дуэт Арсэна Арзуманяна ды Маргарыты Паркалавай.
Марына Кажадуб, адна з ўдзельніц вакальнай групы “Любава”, расказала, што ў гэтым форуме ўдзельнічалі ўпершыню і адразу ўзялі Дыплом першай ступені, чым і ганарацца дзяўчаты. Увогуле, для народнага ансамбля гэты год пачаўся з поспехаў. У студзені вакальная група ўзяла Дыплом другой ступені за ўдзел у Міжнародным конкурсе “У гасцях у снегавіка”, які таксама праходзіў у Мінску.
Каб ад душы спяваць народныя песні, трэба мець не толькі талент, але і цікавіцца фальклорам, культурай роднага краю. Чыркаўчанка Марына Кажадуб хоць і скончыла аддзяленне харавога дырыжыравання 2Мазырскага музычнага каледжу, з горадам сваё жыццё не звязала. Вярнулася ў Светлагорскі раён. Цяпер выкладае і завочна давучваецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на аддзяленні “Народная творчасць і харавая музыка”. Сваю дыпломную працу ў ВНУ Марына прысвяціла роднай вёсцы. Дзяўчыну цікавяць прыстольныя святы, іх абрады і песенная культура.
Група народнага ансамбля песні і музыкі, у якой Марына ўдзельнічае 6 год, дзейнічае пры Чыркавіцкай школе мастацтваў ужо 17 год. Натуральна, што склад інструментальнай ды вакальнай групаў мяняецца, прыходзяць новыя людзі. Аднак моцныя духам застаюцца. Сярод такіх людзей і Наталля Алейнік, якая стаяла ля вытокаў стварэння творчага калектыву. Па словах спадарыні Наталлі, у школе займаюцца сапраўды таленавітыя дзеці. Дарэчы, Марына Кажадуб таксама выпускніца ўзгаданай установы.
Пад ляжачы камень вада не цячэ, як кажа Наталля, таму найчасцей за ўсё даводзіцца самастойна, праз інтэрнэт, шукаць конкурсы, у якіх можна будзе не толькі паўдзельнічаць, але і паказаць вынікі сваёй працы.