Марыяна паедзе ў Боснiю i Герцагавiну

У заключным туры конкурсу Каледжаў міжнароднай супольнасці, які для беларускіх абітурыентаў 2007 года прайшоў у Мінску, узяла паспяховы ўдзел Марыяна Мірчук – 11-класніца са Светлагорска.

З 12 фіналістаў конкурсу яна ўвайшла ў лік 3-х прызёраў, якія з верасня стануць чарговымі беларускімі студэнтамі ў міжнародных каледжах.

М. Мірчук прынята ў новы міжнародны каледж, які першы год дзейнічае ў г. Мостар (Боснія і Герцагавіна). Разам з ёй студэнтамі міжнародных каледжаў з Беларусі сёлета стануць 11-класнікі Вольга Грыцкевіч з Навагрудку і Міхаіл Рэўцкі з Мінску. Марыяна – трэццяя са Светлагорска, хто будзе навучацца ў міжнародным каледжы.

Каледжы міжнароднай супольнасці (United World Colleges, UWC) пачалі сваю гісторыю ў 1962 г., калі ў Вялікабрытаніі была заснавана першая з гэтых навучальных устаноў. Затым такія каледжы былі створаны ў Сінгапуры, Канадзе, Свазілендзе, ЗША, Італіі, Венесуэле, Кітаі, Нарвегіі, Індыі. Летась пачалі працу яшчэ 2 міжнародныя каледжы – у Босніі і Герцагавіне і Коста-Рыке. Праз 2 гады навучання ў такіх каледжах выпускнікі атрымліваюць дыплом “міжнародны бакалаўр” (IB), з якім можна працягнуць адукацыю ва ўніверсітэтах 125 краін. М.Мірчук будзе другой студэнткай і першай дзяўчынай з Беларусі ў міжнародным каледжы ў Босніі і Герцагавіне. Зараз там навучаецца беларус Аляксандр Быстрык.

Галоўная мэта Каледжаў міжнароднай супольнасці – узаемапаразуменне паміж моладдзю розных краін праз адукацыю. Яны працуюць пад дэвізам “12 каледжаў – адзіная місія: мір”. Акрамя належнага ўзроўню ведаў, будучы студэнт міжнароднага каледжу павінен добра ведаць гісторыю і культуру сваёй краіны, мець поспехі ў грамадскім, мастацкім ці спартыўным накірунках. В.Грыцкевіч з Навагрудку бярэ ўдзел у “Еўрапейскім клубе” у сваёй школе, М.Мірчук удзельнічае ў маладзёвай дзейнасці Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, М.Рэўцкі з Мінску мае вакальныя і акторскія здольнасці і ўдзельнічае ў навучэнцкім тэатры. Стыпендыі каледжаў, якія будуць прадастаўленыя ёй і іншым прызёрам конкурсу, пакрываюць усе выдаткі на навучанне.