У школе мастацтваў адбылося сапраўднае свята беларускай нацыянальнай музыкі

Сардэчна запрасілі на свой канцэрт музыкі з Гродна – уладальнікі прэміі Прэзі-дэнта РБ “За духоўнае адраджэнне” ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”.

На сцэну выйшлі хлопцы ў нацыянальных касцюмах і капялюшах і зайгралі. Ды так, што адразу з першых хвілін завалодалі аўдыторыяй. Дудка беларуская, смык беларускі. Сапраўды, як у класіка Ф.Багушэвіча. А яшчэ трэба дадаць віртуознае гранне на цымбалах і гармоніку. Такое пачуць і ўбачыць даводзіцца не часта! Дырэктар ансамбля Барыс Алтышкін пазнаёміў:

– Яшчэ ў 1987 годзе заслужаны работнік культуры РБ Е.Штоп, запрасіўшы маладых артыстаў з розных рэспублік СССР, стварыў такі незвычайны музычны калектыў. За час свайго існавання мы далі больш за 1000 канцэртаў на сцэнах Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Германіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі і іншых краін. А нядаўна быў абраны новы кіраўнік ансамбля – балетмайстар Вера Чычына. Яна і стала аўтарам новай канцэртнай праграмы “Аповесць былога сучасным пяром”.

І, сапраўды, танцы і песні хлопцаў і дзяўчат, з аднаго боку, былі народныя, а з другога, надзвычай сучасныя. Адразу было відаць, што фальклор – гэта тая жывая крыніца, якая жывіць творчасць ансамбля, натхняе яго на новыя пошукі рабіць непаўторнае. Толькі музычная спадчына нашых прабабуль і прадзядуль была ўбачана і прачытана вачамі сучаснага мастака.

Лагодны зрок гледачоў проста “разбягаўся” ад цудоўных яркіх рознакаляровых касцюмаў. Аказваецца, у арсенале калектыва – 450 нацыянальных касцюмаў. Многія выкананы ўручную беларускімі майстрамі. Яны пераліваліся вясёлкавымі фарбамі не толькі ў беларускіх польках ды кадрылях. Але “праявілі” сябе і ў фальклоры іншых народаў. У праграму ўвайшлі танцы цыганскія, малдаўскія, рускія. Жывы, хуткі, вясёлы і трапяткі настрой “жыў” у актавай зале школы мастацтваў у гэты вечар. Вялікі шчыры дзякуй людзям, якія не толькі не страцілі, але і паспяхова захоўваюць, адраджаюць духоўную спадчыну беларусаў!