У Светлагорскім музеі адбылася другая гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя “Шацілаўскія чытанні”. Узначаліў аргкамітэт па яе падрыхтоўцы прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі, член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце РБ Сяргей Рассадзін. Жыхарам города над Бярэзінай пашчасціла, што Сяргей Яўгенавіч зацікаўлены гісторыяй рэгіёна. У Гомельскай вобласці толькі ў двух раёнах (яшчэ ў Тураве) гістарычныя даследаванні вядуць навукоўцы са званнем “доктар навук”. На гэты раз да 450-годдзя з часу першых пісьмовых звестак аб Шацілках (1560г.) прафесар зрабіў сапраўднае адкрыццё. Ён вынайшаў пісьмовыя крыніцы аб гістарычных пачатках Шацілак-Светлагорска, пра якія зараз даведаюцца чытачы “СН”:
– Я патрыёт сваёй навукі. Але даўно ўсвядоміў адну ісціну. Калі няма дакумента, не вырашыш аніякай справы. На першым месцы перад археалогіяй стаяць археалагічныя пісьмовыя крыніцы. Тыя рэчы, якія мы зняважліва часам называем паперкамі. Значэнне яны маюць аднолькавае: як для асабістага чалавека, так і для грамады, горада. Што ёсць у дакументах наконт Светлагорска – такую я паставіў перад сабой задачу.
– Да якіх дакументаў Вы звярнуліся?
– Хутка гораду будзе 50 гадоў. Гэтая даволі сціплая дата грунтуецца, увогуле, на адным вядомым афіцыйным дакуменце, а менавіта на Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, выдадзеным 29 ліпеня 1961г. «Преобразовать городской поселок Шатилки Паричского района Гомельской области, – гаворыцца ва Указе, – в город районного подчинения, присвоив ему наименование – город Светлогорск. Паричский район Гомельской области переименовать в Светлогорский район. Председатель Президиума Верховного Совета БССР В.Козлов. Секретарь Президиума Верховного Совета Д.Лукашевич». Такім чынам, як гэта цалкам зразумела з тэкста дадзенага Указа, гаворка павінна ісці менавіта аб пераіменаванні, а зусім не аб заснаванні. Указ проста засведчыў на заканадаўчым узроўні, што Светлагорск і Шацілкі – юрыдычна адно і тое ж. Такім чынам, узрост Светлагорска павінен адлічвацца ад узнікнення Шацілак.
– У СМІ, Інтэрнэце нехта пусціў “качку”, што Шацілкі маюць узрост ледзь не Масквы. Так гэта?
– Так, размова ішла пра тое, нібы Шацілкі згадваюцца пад 1199 годам. Аднак, нам ліпавая даўніна не трэба. Адпаведная інфармацыя ўтрымоўваецца ў дакуменце, які захоўваецца, паводле Я.Я.Янушкевіча, у архіве Асалінеум (г.Вроцлаў). Зборы архіва захавалі афіцыйны ліст на бланку Інстытута беларускай культуры (сярэдзіна 1920-х гадоў). Ніякіх слядоў гэтай справы няма. Згадваецца навуковы сакратар Польскага сектра пры Інбелкульце Ул. Ландзберг і яго пісьмо, напісанае прафесару Ст. Закрэўскаму. Разумееце, кідаецца ў вочы ў тое, што тады цікавіліся Каліноўскім, рэвалюцыяй, жыццём польскіх вёсак. Ніякай справы да эксплуататараў працоўнага народа не было. І тут нейкі Лешык Бялы іншаму класаваму “гаду” Манкевічу нешта падараваў з гербам (падкова і два крыжа). Аднак, высветлілася – падкова з крыжамі з’яўляецца на 100 гадоў пазней, з крыжакамі.
– Што было на самой справе?
– Знайшлася даведка, якую атрымаў нехта з Манкевічаў не раней 1806 года. Там ёсць адна прыкмета, дазваляючая гаварыць, што прывілей князя Л.Бялага на самой справе пастанова Мінскага дваранскага сходу пач. XIX стагоддзя, не канца XII. Такім чынам, праблема закрыта. Гэтую ўсю дэтэктыўную гісторыю я ац’ньваю станоўча. Была зроблена сенсацыя пра старажытны Светлагорск.
– Сяргей Яўгенавіч, чаму яна з’явілася?
– Чаму? Таму што Светлагорск, сапраўды, старажытны. Шацілінскі востраў у сваім ядры мае пласты, якія датуюцца першай паловай XIII стагоддзя. Яшчэ дамангольскім часам. Гэта не канец XII ст., а ўсё ж да 1240 года. З аднаго боку, дакладныя дакументы пад подпісамі Казлова і Ландзберга, з другога – вельмі цікавыя пісьмовыя звесткі, пра якія казаў вышэй. Я ўпарта шукаў дакументы па гісторыі Светлагорска, таму што археалагічных, дзякуй Богу, хапае.
– Якая самая цікавая знаходка гэтага года?
– Масіўная жалезная шпора з даволі доўгім шыпам, які меў паз і адтуліны для мацавання страчанай зараз зорачкі. Аналагічныя шпоры («остроги») даціруюцца XVI-пач. XVII стст.. Цікава, што на назе бронзавага Рамана Шацілы мы бачым вельмі падобнаю на знойдзенную. – Манкевічы, Шаціла. Кім жа яны былі на самой справе?
– Немагчыма аддзяліць Светлагорск ад Шацілак. Абвясціць Шацілінскі востраў непаўнавартасным помнікам, што там няма скрынкі, дзе на кожнае стагоддзе ёсць шуфлядка, дзе ўсё ў парадку. Але археалогія не бывае такой. На Крапоткіна, 66 у нашым Нацыянальным гістарычным архіве РБ ляжаць інвентары-апісанні Светлагорскага краю, у тым ліку, якія датуюцца XVII ст. Вывучаючы гэтыя дакументы, удалося шмат чаго зразумець. Зайздросныя, якія хочуць паламаць тое, што мы ўжо зрабілі, усхваляюць паноў Манкевічаў, якія “пілі” кроў з простых людзей. Нічога падобнага. На 1906 год былі Манкевічы-сяляне – Лявон, Іван і г.д. Тагачаснае паліцэйскае начальства цікавілася, ці не дваране яны на самой справе. Прыйшоў адказ – гэта проста сяляне. Адзначым, сярод нашчадкаў першага Манкевіча былі не адны паны. Па-другое, знойдзены дакументы пад асабіcтым подпісам на імя цара Мікалая I, якія сведчаць: не ўсе Манкевічы былі палякамі. Жылі і тыя, хто заставаўся ў праваслаўі. Хрысціліся ў Чыркавіцкай і Якімаваслабадской царквах.
– Першыя светлагорцы, Раман Шаціла і Ждан Манкевіч, хто яны былі? Эксплуататары, чужынцы ці нехта іншыя?
– У дакументах указваецца: першыя Манкевічы былі шляхтай, арандатары. У іх не было сваёй зямлі. Яны арандавалі трэць валокі. Апрача сялянскай працы Манкевічы пачэсна выконвалі абавязак ваеннай абароны Радзімы. Не было канфліктаў, не было эксплуатацыі. Наадварот, існавала еднасць у нашым народзе. Наконт Шацілы. Шацілкі ўзнікаюць у старажытнарускі час. Там жыў нейкі баярын. Можа, звалі Шаціла, род якога дасягнуў XVI ст. у асобе Рамана. Але ж гэта былі баяры, як гавораць, з “чорнымі” рукамі: земляробы, якія яшчэ трымалі меч пад рукой на ўсялякія выпадкі. Потым, калі маёмасць перайшла ў іншы род – род Манкевічаў, яго месца заняў такі ж самурай, ідальга, небагаты чалавек ваяр-хлебароб. Мы павінны дзякаваць Богу, што ён нам даў вось такую гісторыю. Ніводнага кепскага слова пра вышэйназваных асоб няма. Жыццё яны пражылі дастойна!
– Можа, кнігу аб гісторыі і археалогіі Шацілак-Светлагорска думаеце напісаць?
– Безумоўна. Абмоўлюся, што не дзялю час на ўмоўныя стогадовыя адрэзкі. Мы ведаем частку жыцця Шацілы, Ждана, Васіля і іншых Манкевічаў. Археалагічныя знаходкі будуць размешчаны па гадах жыцця, каб можна было параўнаць з канкрэтнай асобай. Напрыклад, як са шпорай. Гісторыя да нас прыйшла ў персанале. Толькі так можна яе ўспрымаць на 100%.
– Сяргей Яўгенавіч, якія Вашы бліжэйшыя планы?
– Важна прасачыць археалагічна, як з Шацілінскага вострава людзі перабраліся на мястэчка, дзе ўзнікае Шацілінскі касцёл. Трэба пашукаць рэшткі гэтага храма. Яны ёсць. Не ведаю, у якім выглядзе, але духоўны цэнтр павінен знайсціся.