×

Сообщение

Ничего не найдено.

Арлен Кашкурэвіч: «Я не згодзен з Мацісам…»

Так здарылася, што на адкрыццё сваёй персанальнай выставы ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава Арлен Міхайлавіч прыехаць не змог. А прыхільнікаў яго цудоўнага таленту сабралася шмат. Ці трэба гаварыць, што яны ўсё ж спадзяваліся пабачыць слыннага Народнага мастака Беларусі. І тады я вырашыў хоць неяк суцешыць іх. Нагадаў, што жывём мы ў 21-м стагоддзі і можам выкарыстаць яго тэхнічныя перавагі. Набраў на мабільным тэлефоне знаёмы нумар і павіншаваў мастака ад імя ўсіх прысутных. З’явілася і ў Арлена Міхайлавіча магчымасць сказаць некалькі слоў светлагорцам.

Вось тут мы, між іншым, і пачулі, што Арлен Міхайлавіч не згодзен з Анры Мацісам, які нібыта аднойчы заўважыў, што хацеў бы, каб яго творы былі для гледачоў чымсьці накшталт утульных крэслаў. “Для мяне важна, каб мае карціны, наадварот, перашкаджалі гэтай уяўнай утульнасці, заклікалі да эмацыянальнага роздуму”, – зазначыў ён.

І сапраўды ўсе 26 графічных твораў Кашкурэвіча, прадстаўленых на выставе, робяць нас пэўным чынам яго сааўтарамі, адзінадумцамі. Яны прасякнуты глыбінным адчуваннем нашай драматычнай гісторыі, філасофскім асэнсаванем не толькі мінулага, але і сучаснага жыцця. Такое адчуваецца нават у серыі, так і хочацца сказаць,замалёвак з натуры “Гэтае мілае гарадское жыццё…” Але самі творы адразу ж выяўляюць іранічнасць падтэксту назвы цыкла. Не такім ужо і мілым аказваецца гэтае жыццё, калі разглядваеш карціны “Людзі ў тумане”, “Мы толькі прахожыя”, “Сабачая пляцоўка”, “Сустрэча”, “Сон старога музыканта”. Толькі зрокавага ўспрымання для іх вельмі і вельмі мала. Вачыма пачынае глядзець душа…

Арлен Кашкурэвіч вядомы, перш за ўсё, графічнымі серыямі: “Партызаны”, “Купаліяна”, “Асветнікі”, ”Святыя зямлі Беларускай”, “Прысвячэнне В. Быкаву”… Ён з пранікнёнай таленавітасцю аздобіў графічна кнігі: “Курган” Янкі Купалы, “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Каласы пад сярпом тваім” і “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, “Снежныя зімы” Івана Шамякіна, “Хатынская аповесць” Алеся Адамовіча, “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” Алега Лойкі, “Фауст” Іагана Вольфганга Гётэ і іншыя.Светлагорцы маюць рэдкасную магчымасць пабачыць, скажам, прасякнутую гістарычнай веліччу карціну “Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім” і славуты трыпціх “У часы Ірада”. Дарэчы, творы такога кшталту патрабуюць пэўных ведаў рэалій і міфаў старажытнасці. Без уяўлення таго, кім былі Іаан Хрысціцель або Ірад Анціпа, яго жонка Ірадзіяда і падчарка Саламея, немагчыма зразумець, хай сабе і з выразлівай таленавітасцю намаляваную галаву, што адсечана і ляжыць на…блюдзе. Варта прыгадаць і легендарны танец Саламеі, у захапленні ад якога сумна вядомы цетрарх (кіраўнік) Галілеі і Пятрэі пагадзіўся выканаць любую просьбу падчаркі. А тая па помслівай прапанове маці і папрасіла… галаву апошняга ветхазаветнага прарока Іаана Хрысціцеля. Чаму? Той у сваіх пропаведзях асуджаў шлюб Ірада Анціпы з Ірадзіядай – пляменніцай гэтага цетрарха.

Зрэшты, выстава і тэматычна разнастайная. Побач з гістарычнымі – ужо зусім з іншага часу творы (серыя “Ігракі”). Цяжка зразумець, як дасягае мастак такой пластычнай эмацыянальнасці. Асабліва ўражвае гэтым цыкл “Журботны канцэрт”. Вось дзе праяўляецца фантастычная таямнічасць графічнага майстэрства. І калі вялікі француз Анры Маціс вызначаўся ў графіцы тонкай, перарывістай, нібыта пульсуючай лініяй, то Кашкурэвіч, акрамя гэтага, здаецца, піша ўвесь малюнак увогуле адной няспыннай лініяй. І толькі потым акцэнтуе таніраваннем яго аб’ём і прастору. Вось і ў сюжэтах “Журботнага канцэрта” эмацыянальнасць зліцця музыканта з віяланчэллю быццам не мае межаў. Мастак піша пачуцці і не хавае ад нас гэтага. Назвы твораў, напісаныя па-італьянску, у перакладзе гучаць менавіта так: “Павольна, з пачуццём”, “Горасна”, “Жалобна, з горыччу”, “Ласкава, пяшчотна”, “ З глыбокай пашанай”… Зрэшты, калі б нават і не было гэтых назваў, творы самі па сабе іх падказалі б…

Цяпер і ў Светлагорску многія ці не ўпершыню змаглі пераканацца, што Беларусь мае мастака, якім ганарацца сучаснікі і будуць ганарыцца нашчадкі. А мясцовая галерэя зноў пацвердзіла высокі ўзровень сваіх экспазіцый.

У час прыгаданай намі тэлефоннай размовы са светлагорцамі Арлен Кашкурэвіч паабяцаў паказаць ім і свае ілюстрацыі да “Фауста”. Удзячныя апладысменты, якія прагучалі ў зале, былі чутныя і ў Мінску.

Похожие материалы: