Свет сям’і – своеасаблівы. Менавіта сям’я дорыць кожнаму з нас адчуванне дзяцінства.Сям’я – гэта тата, мама і дзеці, а таксама, бабулі і дзядулі. У добрай і дружнай сям’і дзецям заўсёды ўтульна і хораша, таму што яны адчуваюць клопат, пяшчоту сваіх блізкіх і родных людзей. Дзеці вучацца ў дарослых, як трэба сябе паводзіць, працаваць, любіць прыроду, мясціны, дзе нарадзіліся і жывуць.“Мая шчаслівая зорачка” – так называлася забаўляльна-пазнавальная гульня, якая сабрала вучняў 3 “Б” класа школы № 9 у дзіцячай бібліятэцы – філіяле №3, што ў мікрараёне Маладзёжным. Праз гульню ўдзельнікі мерапрыемства, а гэта дзве каманды: “Светлячкі” і “Зорачкі” высвятлялі, што яны ведаюць пра традыцыі беларускай сям’і. Удзельнікі гульні не толькі адказвалі на разнастайныя, надзвычай цікавыя пытанні вядучай, але і з вялікай цеплынёй расказвалі пра сваіх бабуль, пра тое, якія яны працавітыя і пяшчотныя, праводзілі музычныя хвілінкі, спявалі беларускія песні, чыталі вершы і нават “сеялі” лянок. І калі ў пачатку мерапрыемства гучала сучасная дзіцячая песня “Папа, мама, я”, то напрыканцы яго – цудоўная казка “Нарадзілася ў небе Зорка”, вельмі цікавая і павучальная. Падводзячы вынікі гульні, хлопчыкі і дзяўчынкі прыйшлі да агульнай думкі: самае галоўнае, каб у кожнага з нас была вялікая і шчаслівая сям’я!