Хрысціянская рэлігія звязвае гэта свята з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардане. У царквах у гэты дзень (19 студзеня) адбываецца асвячэнне вады, якую бралі з бліжэйшай ракі, прасякаючы на ледзе вялікі крыж. Паколькі на Вадохрышча вада лічылася незвычайнай, то людзі верылі ў яе магічную сілу, а асобныя смельчакі акуналіся ў ледзяныя палонкі. Гэтая звычка захавалася і сёлета. У час знаходжання ў Парычах, мне давялося быць сведкай абрада вадзянога Хрышчэння.
Апоўдні на пароме было шматлюдна. Настаяцель царквы Святой Марыі Магдалены Дзмітрый завяршаў царкоўны абрад, звязаны з асвячэннем вады. З нецярпеннем яго чакалі тыя, каму хацелася як мага хутчэй акунуцца ў ёй. Нарэшце час іх настаў. Адзін за адным акунаюцца юнакі і дзяўчаты ў сцюдзёную ваду. Паступова далучаюцца да іх і людзі больш сталага ўзросту. Сярод “маржоў” не толькі жыхары пасёлка, шмат і гаражан. Наглядаючы за “купаннем” можна было заўважыць іх радасныя ўсмешкі, а падымаючыся з ледзяной палонкі на прыступкі, кожны з іх атрымоўвае асалоду і задавальненне, якое нават цяжка параўнаць з чым-небудзь лепшым.
Зрабіўшы здымкі свята Водахрышчэння, пацікавіўся ў мясцовых жыхароў, якія знаходзіліся непадалёк раскладзенага вогнішча і грэліся каля агню, некаторымі звычаямі і абрадамі, што захаваліся тут. Вось што давялося даведацца.
Апоўначы пад Хрышчэнне гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера (дзе іх не было – да калодзежа) і чэрпалі ваду, якую ўвесь год захоўвалі як лекавую. Хрышчэнскую ваду давалі піць хворым, ёю апырсквалі поле перад сяўбой, жывёлу, новую хату перад засяленнем, труну, у якую клалі нябожчыка.
На гэта свята прыпадала трэцяя куцця. Яна атрымала назву вадзяной, значыць поснай. Пры яе прыгатаванні тлушч не ўжываўся. А вось сена, на якім усе святкі знаходзілася Калядная куцця, у гэты дзень як ахоўны сродак ад хвароб і шкоднага ўплыву ведзьмаў аддавалася жывёле. Верх куцці здымалі і аддавалі курам, каб тыя добра неслі яйкі. Выконваўся абрад і па засцярозе дома, усей гаспадаркі ад нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар, выняўшы з печы гаршчок з куццёю, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду – у раку ці студню. Звычайна вечарам ён абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэйдай. Існавала і такое павер’е: той, хто хацеў па восені сабраць ураджай першым, імкнуўся як мага хутчэй у гэты дзень вярнуцца з царквы дадому.