У Светлагорскім раёне нямала таленавітых людзей, якія па імкненні сваёй душы займаюцца рознымі відамі творчасці, зберагаючы багатую беларускую народную спадчыну. Яны натхнёна працуюць над сваімі адмысловымі вырабамі, дадаюць да традыцыйнай тэхнікі выканання аўтарскія вынаходкі і з радасцю перадаюць сакрэты майстэрства дзецям.
Сёння ў Беларусі дзясяткі тысяч майстроў, якія штодзённа вышываюць, выразаюць фігуркі з дрэва, куюць, плятуць арыгінальныя вырабы з саломкі, лазы, бісера і інш.
Трапляючы ў Светлагорскі раённы Дом рамёстваў, здзіўляешся таму, што кожны раз апыняешся ў нейкай казцы: гэта самы сапраўдны калейдаскоп выстаў. Чаго толькі не ўбачыш у экспазіцыях! Пляценне, вышыванкі, пано, карціны, прадметы ткацтва і шмат яшчэ чаго. Здаецца, дакраніся да гэтых вырабаў – і яны ажывуць. Магчыма, гэта таму, што перш-наперш яны створаны рукамі майстроў, у якіх ажываюць і саломка, і гліна, і дрэва, і нават каменне. І набыць гэтыя творы мастацтва можна таксама тут – заўсёды працуе магазін сувенірных тавараў, якія карыстаюцца попытам як у жыхароў, так і ў гасцей горада.
21 лістапада адкрылася персанальная выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Усё ажывае ў руках” народнага майстра Беларусі, майстра-метадыста Светлагорскага раённага Дома рамёстваў Наталлі Бусел. Дарэчы кажучы, званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь” яна атрымала зусім нядаўна. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі шматлікія госці. Высокую адзнаку дзейнасці, віншаванні і пажаданні далейшых поспехаў майстар атрымала ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама Канстанціна Пятроўскага, калег і ўдзельнікаў мерапрыемства.
– Асноўная наша задача – даць магчымасць творчых кантактаў зацікаўленым людзям з майстрамі, якія працуюць у нас, – расказвае дырэктар Дома рамёстваў Наталля Вароніна. – Таксама мы дапамагаем уключыцца ў сучасныя творчыя працэсы, каб чалавек не сядзеў дома са сваімі работамі, каб мог вучыцца на прыкладзе іншых майстроў, садзейнічаем ўдзелу ў розных выставах, фестывалях, кірмашах і іншых акцыях культурнага плану.
Гэта, па-першае, патрэбна самому майстру, калі ён не хоча варыцца ва ўласным саку, хоча і сам паглядзець, і сябе паказаць. Гэта мы можам яму даць. Таму з задавальненнем запрашаем усіх, хто валодае нейкай тэхнікай прыкладнога мастацтва ці хоча гэтаму навучыцца.
Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Пра Наталлю Фёдараўну, якая сёння адкрыла сваю першую персанальную выставу, можна сказаць вельмі многа. Першае – адпаведнасць яе рамяства традыцыям нашай беларускай культуры. Другое – актыўны ўдзел у выставачнай дзейнасці. Свет яе дзейнасці – ганчарства, лозапляценне, саломапляценне, мастацкая апрацоўка бярэсты.
Майстар не толькі стварае работы, але і праводзіць майстар-класы, дзе кожны ўдзельнік бачыць, што гэта сапраўдны майстар, з якім можна пагаварыць, параіцца.
– Такія акцыі асабліва падабаюцца дзецям, – працягвае размову Наталля Вароніна. – Але да нас прыходзяць людзі рознага ўзросту, нават пенсіянеры. І гэта нас вельмі радуе.
Наведвальнікі выставы доўга разглядалі экспанаты, зробленыя рукамі таленавітага майстра. Гучала музыка ў выкананні дуэта: гітарыста Сасноваборскага Дома культуры Дзмітрыя Зялёнага і выкладчыка па класу балалайкі Светлагорскай школы мастацтваў Сцяпана Карнаенкі. Сама Наталля Фёдараўна ўсміхаецца: “На рабоце я адчуваю сябе так, як дома. На самой справе маё хобі стала маёй прафесіяй, ёсць дасягненні. Але я ведаю, што на гэтым не спынюся”.
Творчы калектыў Дома рамёстваў зберагае народную культуру, нацыянальныя традыцыі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Між іншым, дзякуючы беражлівым адносінам
людзей з неўтаймаванай душой да спадчыны продкаў беларускае саломапляценне было прызнана брыльянтам нумар адзін у свеце.
Сёння работы Наталлі Бусел чакаюць гасцей у выставачнай зале Дома рамёстваў. І тут ёсць неверагодная магчымасць сустрэцца з самім майстрам, задаць пытанне, далучыцца да чароўнага свету прыгажосці і сапраўднага майстэрства. А я вось надумала наведаць і майстар-клас – вельмі хочацца стварыць саламяны ці ганчарны выраб сваімі рукамі.