Менавіта трапяткое адчуванне пяшчотнасці застаецца ад першага позірку на творы Ягора Батальёнка, якія склалі дзвюхзальную экспазіцыю ў карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Каляровыя ўвасабленні такой пяшчоты – жывыя, напоўненыя подыхам шматлікіх роднасных адценняў.
Але вось дзіва: яны і застаюцца на карцінах, і ў той жа час як бы зыходзяць з іх. Міжволі прыгадваеш: жывапіс гэтага мастака часта параўноўваюць з музыкай. А музыканты ведаюць, што ёсць выканаўцы, гучанне ў якіх нібыта застаецца на струнах або клавішах і глухне. А ў сапраўдных талентаў яно напаўняе залы, праходзіць праз душы. “Фарбавае гучанне таксама не абмяжоўваецца тым, што на саміх карцінах. Яно набывае ўласцівую толькі яму прасторавую напоўненасць. Уражанне такое, нібыта няма ніякай створанасці, – карціны ўзніклі самі па сабе, адразу. Незвычайная цэласнасць (так і хочацца сказаць – “безмазковасць”) захапляе. І хаця ўжо ведаю, што Ягор Ягоравіч некалі пачынаў з пастэльнага і акварэльнага жывапісу, усё ж яго алейная пастэльнасць і акварэльнасць – мяккая, далікатная, з адчуваннем амаль нябачных тонавых і паўтонавых пераліваў – прымушае задумацца аб тым, што сапраўдны талент выяўляе толькі яму самому ўласцівыя магчымасці. Адразу ж заўважаеш і тое, што літаральна ў кожным творы пануе нейкая прадольнасць, паралельнасць, гарызантальнасць увасобленага, але святло насуперак гэтаму струменіць вертыкальна, ніяк не перакрэсліваючы тое, што ёсць, а наадварот, высвятляючы яго, робячы адухоўленым.
Кажу пра гэта Ягору Ягоравічу, а ён толькі добразычліва ўсміхаецца: “Такое, мабыць, ад характара. У іншага, магчыма, выяўляецца імгненная памкнёнасць, якая рвецца, прыпыняецца. А ў мяне – жаданне гармоніі, што не дазваляе рэзкіх змяненняў. Я і ў жыцці такі: заўжды імкнуся не пакрыўдзіць іншага…”
Вось так. Зрэшты, і маё здзіўленне тым, што нават у назвах не толькі пачуццёвага, але і філасофскага адчування (“Бераг восені”, “Крыло вясны”, “Водгалас”, “Набліжэнне”, “Незваротнае”, “Неабсяжнасць”, Лучнасць”) прысутнічае нешта надпейзажнае, наджывапіснае, тлумачыцца вельмі проста. Мастак ставіць перад сабой мэты, якія нібыта па-за межамі ўвасаблення. Пытаюся аб тым, як ён разумее выраз “партрэт пейзажа” і нечакана чую: “А я і не пішу такіх партрэтаў…” Аказваецца, у адрозненне ад многіх іншых жывапісцаў, Ягор Батальёнак кожную тэму свайго твору шукае не ў прыродзе, а… у самім сабе. Ён спачатку не проста задумвае тую ці іншую карціну, а яскрава ўяўляе яе і толькі потым шукае ў родных наваколлях маляўнічае пацвярджэнне ўяўленаму. Вось адкуль тэматыка названых і неназваных намі твораў. “Без рэалій ніякага вобразу няма, а без вобразу не можа быць сапраўднага жывапісу”, – нібыта разважаючы ўслых, заключае мастак.
Не згаджаецца ён і з тым, што жывапіс – другая рэальнасць. На яго думку, гэта сінтэз рэальнасці, пачуццёвасці і ілюзорнасці. Нельга не пагадзіцца. А пацвярджэнне – амаль у кожным творы светлагорскай экспазіцыі.
Ягор Батальёнак піша не зусім пейзажныя пейзажы. У іх ёсць тое, чаго быццам бы няма ў прыродзе, але ён таленавіта ўзбагачае нябачнае. І тады другая рэальнасць, якой лічыцца жывапіс, становіцца першаснай не толькі для мастака, але і для тых, хто ўдзячна ўспрымае яго творы.
Застаецца дадаць, што ў свой час Ягор Ягоравіч скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, быў запрошаны для творчай працы ў Іспанію, атрымаў першую прэмію прадстаўніцтва ААН на Беларусі за жывапісны твор “Повязь”. Персанальныя выстаўкі ладзіліся ў Іспаніі, Германіі, Італіі, Галандыі, Амерыцы… А цяпер пяшчотна каляровыя творы гэтага слыннага мастака могуць пабачыць і ў Светлагорску. Выстаўка называецца “Рэтраспектыва”, але гэтая рэтраспектыва не вельмі аддаленая, бо сапраўдны творца ніколі ад самога сябе не аддаляецца.
Урачыстае адкрыццё экспазіцыі прайшло па-сапраўднаму шчыра і шматлюдна. Вельмі хвалюючую інтанацыю яму надаў узорны хор хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Галіны Ур’еўскай-Еўсюковай. Ды і сам ганаровы госць прыехаў не толькі з жонкай Галінай Віктараўнай, але і, як цяпер прынята гаварыць, з вялікай групай падтрымкі. Гэта мастакі Георгій Скрыпнічэнка і Генадзь Драздоў, разьбяр па дрэве Іван Яковін, пісьменнік Барыс Роланд, кнігавыдавец Міхаіл Дзеравянка і іншыя. Усе яны знайшлі асабліва пранікнёныя словы аб выстаўцы, якая парадавала кожнага з тых, хто завітаў у гэты дзень у карцінную галерэю. Да іх выказванняў далучыліся дырэктар галерэі
Надзея Шынкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Пятроўскі… У адказ Ягор Ягоравіч шчыра дзякаваў светлагорцам і падарыў галерэі адзін са сваіх твораў. Многім пашчасціла таксама атрымаць з аўтографам яго кнігу “Бераг” – своеасаблівае ўвасабленне духоўнага вопыту гэтага мастака, у якую ўвайшлі 322 мудрыя выслоўі. Кожнае з іх магло б стаць эпіграфам да той ці іншай карціны.