Год гасціннасці крочыць па краіне. Тэматыка года вызначыла адзін з накірункаў дзейнасці дзіцячай бібліятэкі Маладзёжнага мікрараёна. З пачатку года тут праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя тым вялікім падзеям, што адзначаюцца ў нашай краіне сёлета.
«Разам мы – свята!», пад такім дэвізам прайшла гадзіна гасціннасці для чытачоў малодшага школьнага ўзросту, на якой бібліятэкар дакладна распавядала пра вялікую спартыўную падзею – Чэмпіянат свету па хакею-2014, што прайшоў ў сталіцы нашай краіны. Хлопчыкам і дзяўчынкам было вельмі цікава даведацца, як Мінск рыхтаваўся сустракаць шматлікіх гасцей, як папрыгажэлі вуліцы і праспекты горада і як можна было ў дні спартыўнага свята бавіць свой вольны час жыхарам і гасцям сталіцы.
Паказаць юным чытачам веліч, гонар, багацце гісторыі, прыгажосць і каштоўнасць народных традыцый нашай Рэспублікі Беларусь дапамаглі наступныя мерапрыемствы, арганізаваныя бібліятэкарамі: радзімазнаўчая гадзіна «Пра Беларусь – з любоўю», віртуальнае падарожжа «Гасцінная краіна Беларусь», літаратурна-мастацкая вандроўка «Што для мяне Беларусь?», урок любові да Радзімы »Каб любіць Беларусь нашу родную». Каб нашы чытачы маглі расказваць турыстам нашай краіны аб яе гістарычных і сучасных цікавасцях, знакамітых земляках , якімі мы ганарымся, у бібліятэцы былі наладжаны краязнаўчыя гадзіны , медыяпадарожжы па любімым горадзе, у якіх дзеці і падлеткі з задавальненнем прымалі ўдзел.
Сапраўдным адкрыццём родных мясцін стала для малодшых вучняў медыяпрэзентацыя «Легенды і паданні лясоў Светлагоршчыны», пад час якой дзеці «наведалі» таямнічае возера Сіняе, даведаліся, пра што шапоча стагадовы дуб ля Бярэзіны і адкуль на зямлі Светлагорскай з’явіліся лятунні-пчолкі.
Не засталася без увагі і тэматыка турызма на Беларусі. Трэба адзначыць, што такія мерапрыемствы выклікаюць асаблівую цікавасць ва ўсіх нашых чытачоў. Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту быў праведзены турыстычны экскурс «Крок за крокам па краіне», на «маршрутах» якога прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй старажытных гарадоў, знакамітых замкаў, палацаў, а таксама з драматычным лёсам іх гаспадароў.
У час літаратурнага эка-тура «На карце сінявокай Беларусі» вучні-падлеткі здзейснілі вельмі прывабнае падарожжа па азёрах Нарач, Браслаўскім, Глыбокаму і Асвейскаму. Авалодаць звычкамі турыстычнага адпачынку чытачам сярэдняга школьнага ўзросту дапамагла гадзіна карысных парад «Па зялёных сцежках Беларусі».
«Музей цацкі краін свету», які працуе ў бібліятэцы ўжо не першы год, таксама прапанаваў нашым чытачам і наведвальнікам пабываць на мерапрыемствах, прысвечаных знаёмству з Беларуссю. Пра гасціннасць і сапраўдную шчырасць беларусаў ішла размова ў сяброўскай гасцёўні, гаспадаром якой на гэты час быў музейны экспанат БульбаЁсцік. Гумавая сімпатычная цацка з вясёлым тварыкам вельмі спадабалася хлопчыкам і дзяўчынкам, якія старанна адказвалі на пытанні займальнай «бульбяной» віктарыны-гульні. А музейнае знаёмства пад назвай «Беларуская лялька ў чаканні гасцей» падарыла чытачам-пяцікласнікам пад чароўныя гукі народных песень спатканне з прыгожай гісторыяй стварэння рознакаляровага арнаменту, якім здавён было аздоблена старажытнае святочнае адзенне беларусаў.
З першых дзён Года гасціннасці бібліятэкары арганізавалі шэраг сустрэч, прычвечаных 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні вялікага свята памяці міру і надзеі ў бібліятэцы ладзяцца мерапрыемствы, якія садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню чытачоў, вучаць іх ганарыцца Вялікай Перамогай і памятаць аб страчаным, захоўваць гэта ў сваіх сэрцах і дзяліцца сваімі светлымі пачуццямі з гасцямі нашай краіны. Таму зноў і зноў разам з чытачамі перагортвалі гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі нашай краіны часоў Вялікай Айчыннай вайны. Увазе чытачоў старэйшага школьнага ўзросту былі прадстаўлены мерапрыемствы: медыяурок «Алея Герояў – алея памяці» пра Герояў Савецкага Саюза , якія вызвалялі наш раён, гадзіна хронікі «Беларусь партызанская», падрыхтаваная па матэрыялах ваенных артыкулаў, змешчаных на старонках газеты «Звязда» . На ўроку памяці і смутку » У бязлітаснай той вайне…» з краязнаўчай папкі «Землякі ўспамінаюць аб вайне» былі прачытаны шчымлівыя і дакладныя ўспаміны аб ваенным ліхалецці жыхароў Светлагоршчыны. Пад час патрыятычнай сустрэчы-партрэта «Летапісец Вялікай Айчыннай вайны» з асаблівай пранікнённасцю і пачуццём гонару прагучаў аповед пра цяжкі ваенны лёс Героя Беларусі – мастака Міхаіла Савіцкага, які, перажыўшы ўсе пакуты і здзекі вязня фашысцкага канцэнтрацыйнага лагеря, застаўся сапраўдным чалавекам і грамадзянінам.
Даволі ўсхвалявана прайшла літаратурная гадзіна-рэквіем «Беларусь ў агні. Незагойныя раны», на якой чытачы распавядалі аб сваіх прадзедах, загінуўшых на франтах і ў партызанскіх атрадах, а таксама родных, што памятаюць вайну і перадаюць свае каштоўныя ўспаміны нашчадкам. Амаль паўгода доўжыцца акцыя «Чытаем вершы аб вайне», у межах якой бібліятэкары і чытачы дэкламуюць паэтычныя творы айчынных паэтаў на мерапрыемствах ваеннай тэматыкі.
Акрамя гэтага, бібліятэка арганізавала творчую акцыю «Кветкі Перамогі», у якой вельмі актыўна прынялі ўдзел выхаванцы дзіцячага садка №23, вучні малодшых класаў СШ№№8,9, вучні Светлагорскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і вучні Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. І ў майскія святочныя дні на ваконнай вітрыне бібліяэтэкі былі размешчаны 70 яркіх дзіцячых малюнкаў, якія выклікаюць непадробленую цікавасць у чытачоў бібліятэкі, жыхароў і гасцей нашага горада.