Беларуская мова ў Парыжы

Беларусь

18 чэрвеня на парыжскай сцэне загучала беларуская мова. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Францыі прадставіў спектакль «Пан Тадэвуш» у тэатры МС93 ў Бабіньі, у паўночна-ўсходнім прыгарадзе Парыжа. У гэтым годзе спаўняецца 180 гадоў паэме, якая была напісана Адамам Міцкевічам у Парыжы, у эміграцыі. Ён пісаў: «Пішу паэму пра Літву. Тры месяцы жыву ў Літве».

Пляцоўка тэатра ў прыгарадзе Парыжа была абраная, хутчэй, з-за таго, што іншыя не змясцілі б вялізных дэкарацый. Мітусня была да апошняй хвіліны, да адкрыцця заслоны перад пачаткам спектакля. Дэкарацыі да «Пана Тадэвуша» былі адпраўлены фурай, а іх мантаж быў разлічаны на два дні. Але з-за паломкі транспарту ў дарозе рэквізіт прыбыў са спазненнем, і арку выставілі ўсяго за тры гадзіны. Таму, на жаль, не ўдалося пазбегнуць некаторых памылак, звязаных з незнаёмай сцэнай і адсутнасцю часу. Уваход на спектакль быў па запрашальных білетах, якія распаўсюджвалі сярод беларускай дыяспары ў Парыжы, студэнтаў-славістаў, людзей са сферы культуры і пастаяннай аўдыторыі тэатра. У выніку зала на 800 месцаў была запоўнена амаль цалкам.

Прыемна, што аб Беларусі французам у цэлым вядома ўжо больш, чым пару гадоў таму. Яны ведаюць, што наша краіна знаходзіцца паміж Украінай і Расіяй, ведаюць, што сталіца Беларусі – Мінск. Пра аўтара «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча ведаюць мала. З праграмкі спектакля з прыемным здзіўленнем даведваюцца, што Шагал, Суцін і Кікоін родам з Беларусі, а ядро Парыжскай школы складалі беларусы.

Для французскіх субтытраў выкарыстоўваўся пераклад паэмы Рабэра Буржуа. Аднак з-за складанасці маналогаў і дыялогаў было цяжка сачыць за субтытрамі і гульней акцёраў. У антракце некаторыя французы скардзіліся на пераклад. З іншага боку, і беларусам, якія эмігрыравалі, было няпроста ўспрымаць беларускую мову: «Мова паэтычная, старадаўняя, вымаўляецца хутка, і час ад часу прыходзіцца пазіраць на французскія субтытры».

Гледачам спадабалася сцэнаграфія, касцюмы і гульня акцёраў. Відаць, што была праведзена велізарная праца, вывучаліся архівы, каб стварыць касцюмы, якія адпавядаюць эпосе і задуме спектакля. У Парыжы рэдкія п’есы з такой колькасцю акцёраў на сцэне, а яшчэ многіх здзівіў кантраст праведзенага гістарычнага даследавання і сучасных драматургічных прыёмаў накладання відэа.

«Пан Тадэвуш» – мастацкая энцыклапедыя жыцця Беларусі канца ХVІІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Гэты твор у свой час адкрыў свету непаўторнасць жыхароў і прыроды да таго часу мала вядомай тэрыторыі Літвы. «Пан Тадэвуш» – сусветная класіка, спектакль-напамін пра Беларусь, складанасць яе нацыянальна-гістарычнага шляху. Твор Адама Міцкевіча перакладзены на 33 мовы, а пастаноўка Мікалая Пінігіна намінавана на Нацыянальную тэатральную прэмію.

Упершыню пастаноўка беларускага спектакля праходзіла пад ганаровым патранатам ЮНЭСКА. Арганізатарам паказу «Пана Тадэвуша» выступіла пасольства Беларусі ў Францыі. Варта адзначыць, што арганізацыя мерапрыемства прайшла пры спонсарскай падтрымцы французскіх і беларускіх мецэнатаў, без прыцягнення бюджэтных сродкаў.