На светлагорскай зямлі гэты фестываль адбыўся ўжо другі раз.
Перад пачаткам фестывалю на сцэну выйшлі ўсе мастацкія калектывы, якія прыехалі на свята. Гэта лаўрэат агульнаўкраінскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў маладзёжны сцэнічна-фальклорны гурт “Народная крыніца” вучылішча культуры і мастацтваў імя Марыі Занькавецкай з горада Нежын Чарнігаўскай вобласці, народны фальклорны ансамбль «Крынічанька» Дома культуры энергетыкаў са Светлогорска, мужчынскае трыо «Парні пасялковыя» з горада Хоцімска Магілёўскай вобласці, лаўрэат міжнародных конкурсаў і агульнарасійскіх фестываляў народны фальклорны ансамбль «Маркоша» з Бранска Расійскай Федэрацыі, народны фальклорна-этнаграфічны гурт «Вытокі» з аграгарадка Дзятлавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, музыканты-віртуёзы – магістранты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Францішака Скарыны – грамадзяне Кітайскай народнай рэспублікі.
Фестываль прысвечаны Ражаству Хрыстову. Адсюль і яго накіраванасць – калядныя спевы. Фактычна фестываль адбыўся напрыканцы калядных святаў – на свята Хрышчэння Госпада. Благаславіў удзельнікаў фестывалю і гледачоў благачынны Светлагорскай акругі, настаяцель царквы Святых Першавярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла протаіярэй Уладзімір Сямёнаў.
– Сённяшні дзень дараваў нам унікальную магчымасць – падоўжыць кадядныя святы, – сказаў ён. – З самых старажытных часоў дзеці хадзілі па хатах і праслаўлялі Хрыста, які нарадзіўся. І сёння мы разам з вамі працягнем гэтыя віншаванні. Я віншую вас, шаноўныя сябры, са святам Хрышчэння! Жадаю ўсім міра, дабра, радасці!
Айцец Уладзімір пакрапіў удзельнікаў фестывалю і гледачоў хрышчэнскай вадой.
Расапачаўся фестываль выступленнем удзельнікаў ўзорнага хора хлопчыкаў і юнакоў Светлогорскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Галіны Ур’еўскай-Еўсюковай. Працягнулі яго нашы госці з Чарнігаўскай вобласці:
“Добры вечэр тобі,
Панэ господарю!
Радуйся, ой, радуйся зэмле!
Сын Божій народывся!”
Украінцы выканалі некалькі цудоўных калядных песень. Звонка гучалі жаночыя галасы. Яны яркім адценнем віліся на фоне густых мужчынскіх басоў, іншы раз зліваліся, іншы – рассыпаліся маленькімі срэбранымі званочкамі, што звіняць у славу Хрыста.
Цудоўна выступілі ўсе творчыя калектывы з Расіі, Украіны і Беларусі. Іх сустракаў моцнымі апладысментамі ўдзячны светлагорскі глядач. Шмат асабліва шчырых падзяк прагучала ў адрас гасцей з аграгарадка Дзятлавічы Брэсцкай вобласці. Яны прывялі на свята вельмі «мудрую» казу. Яна крыху патанцавала, а потым упала і, каб яе падняць, спатрэбілася прынесці ёй пачастункі, нават каўбасу пакласці на рагі. Цудоўна спявалі дзятлаўцы. Яны не адрозніваліся прафесійнымі музыкальнымі здольнасцямі, аднак з першых спеваў акунулі гледачоў у атмасферу дзіцячых адчуванняў сялянскага свята, калі ў хаце за сталом збіралася ўся радня.
Цікава пабудавалі сваё выспупленне ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля Дома культуры энергетыкаў “Крынічанька” пад кіраўніцтвам Сяргея Ярашэнкі. Па ходу дзеяння старэйшая гераіня каляднай мініяцюры Майя Антонаўна Белая расказвала дзецям пра Каляды. А ў гэты час на сцэне малады гаспадар з гаспадыняю сустракалі калядоўшчыкаў. І усё гэта – з песнямі і вершамі.
Фальклорнае мужчынскае трыо “Парні пасялковыя” асабліва спадабалася нашым жанчынам. Яны выклікалі жывы водгук у жаночых сэрцах, калі паехалі на Каляды шукаць па вёсках нявест.
З цікавасцю паглядзелі светлагорцы на выступленне грамадзян Кітая. Лі Дзянь Пу выканаў некалькі песень, у тым ліку на рускай мове. Часі Цань Со паказаў частку харэаграфічнай пастаноўкі. А дзяўчына Лю Чан выканала кітайскую мелодыю на лютні.
Завяршыўся фестываль выступленнем народнага вакальнага ансамбля “Светліца” і народнага ансамбля танца “Чабарок” Светлагорскага гарадскога Цэнтра культуры.
Словы падзякі светлагорцам, кіраўніцтву аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, удзельнікам фестывалю, а асабліва рэжысёру-пастаноўшчыку і балетмайстару Светлагорскага ГЦК Інэссе Бурко і выконваючай абавязкі дырэктара ГЦК Людміле Махмудавай выказаў аўтар і кіраўнік праекта – прадзюсар Мінскага гарадского аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музыкальных дзеячоў” Анатоль Антановіч.