Сустрэча-прэзентацыя – так можна акрэсліць падзею, якая адбылася 14 лiстапада.
Дзеткі з выхавацелямі прыйшлі зараней, таму экскурсавод пазнаеміла малых з выставай мінскай мастачкі Алены Шлегель. Нягледзячы на пяці-шасцігадовы ўзрост аўдыторыі, можна было назіраць зацікаўленасць экспазіцыяй: дзеці не проста слухалі, але і выказвалі свае меркаванні, задавалі пытанні. Відавочна, што такія разважлівыя дзеткі сталі ўдзячнымі слухачамі і суразмоўцамі падчас сустрэчы з паэтамі.
Мерапрыемства стала своеасаблівай прэзентацыяй кнігі Соф’і Шах «Кнігалюбка», у якой змешчаны не проста вершы для дзяцей, а самыя сапраўдныя вянкі санетаў. Гэты жанр наогул з’яўляецца вялікай рэдкасцю ў дзіцячай літаратуры. «Аднак менавіта ён сваёй класічнай танальнасцю і спрыяе першаму адчуванню паэзіі, – гаворыцца ў анатацыі выдання. – Цяпер, калі кніга так настойліва выцясняецца тэлевізарам і камп’ютарам, паэтычны аповед пра малечу, якая цягнецца да пазнавальных для яе кніжных малюнкаў, а таксама гісторыя пра казачнае здарэнне ў лесе будуць вельмі карысныя не толькі дзецям, але і іх бацькам».
Пачаў размову з прысутнымі Ізяслаў Катляроў. Ён, дарэчы, пераклаў творы з «Кнігалюбкі» на рускую мову. Таму асаблівасць кнігі яшчэ і ў тым, што яна двухмоўная. А гэта дае магчымасць развіваць у малечы слоўнікавы запас абедзвух моў. Ну і ні для каго не сакрэт, што большасць сучасных дзяцей знаёмiцца з роднаю мовай праз другую дзяржаўную – рускую. Ды і многія бацькі, хоць і разумеюць па-беларуску, не заўседы могуць даходліва растлумачыць значэнне тых ці іншых слоў. Атрымліваецца, што адным выданнем вырашаецца некалькі праблем.
Вернемся ж да самой сустрэчы. Ізяслаў Катляроў прачытаў малым некалькі вершаў, перакладзеных на рускую мову, пазнаёміў з кампазіцыяй кнігі, паказаў малюнкі. Паэт зазначыў, што ілюстрацыі да «Кнігалюбкі» намаляваў выдатны светлагорскі мастак Міхась Пранішнікаў, сын Германа Пранішнікава, чыё імя носіць галерэя.
Потым вершы для дзетак пачытала і сама Соф’я Шах. З сабою пээтка прынесла некалькі сваіх кніжак для дзяцей. Дзеці адгадвалі вершаваныя загадкі, адказвалі на пытанні па творах – адным словам, пазнавальна правялі гэты час. Раз-пораз Соф’я Мікалаеўна ўдакладняла, ці зразумелыя тыя ці іншыя словы, незразумелае – тлумачыла.
Напрыканцы сустрэчы паэты ўсім жадаючым падпісалі кнігі.