У карціннай галерэі «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава адкрылася экспазіцыя твораў Заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалая Казакевіча.
Мікалай Канстанцінавіч, як мне падалося, крыху разгублена аглядаў сваю экспазіцыю, а потым ціха прызнаўся: «Скажу шчыра, аформлена выстава проста цудоўна. Я нават спачатку не пазнаў сваіх твораў!» І сапраўды, у такім спалучэнні карціны гэтага слыннага майстра, мабыць, яшчэ не былі. Ды і галагенавае святло ў галерэі вельмі спрыяльна вылучала тое, на што нельга глядзець без захаплення. Чыстая празрыстасць радасных колераў зямлі і неба, іх трапяткая зменлівасць неяк вельмі натуральна пераходзіла з аднаго твора на другі, ствараючы адзіную маляўнічую перспектыву. І гэта ў выставе, якую і сам мастак лічыць рэтраспектыўнай. Так-так, паміж многімі карцінамі – жыццёвая адлегласць у 30 і 40 гадоў. Вось яна, мастакоўская вернасць сваёй сутнасці, свайму каларыту.
Мне ўжо неаднойчы даводзілася нагадваць аматарам выяўленчага мастацтва, што Мікалай Казакевіч – адзін з заснавальнікаў гомельскай школы жывапісу, якая вызначаецца светлым, радасным адчуваннем жыцця, яркасцю фарбаў. Яна (цяпер гэта ўсё больш відавочна) стала пераемніцай лепшых традыцый імпрэсіянізму. У канцы 19 і пачатку 20 стагоддзяў менавіта гэты напрамак жывапісу даў такіх сусветна вядомых мастакоў, як Клод і Эдуард Манэ, Рэнуар, Дэга, Пісаро... Менавіта яны шмат зрабілі для пераадолення афіцыйнага салоннага акадэмізму, сцвярджаючы прыгажосць паўсядзённага жыцця. Імпрэсіяністы таленавіта занатоўвалі пастаянную зменлівасць прыгажосці, сцвярджалі адзінства чалавека і асяроддзя. У іх карцінах галоўным было першае ўражанне, нібыта выпадкова спыненае позіркам. І тая ж, што ў Мікалая Канстанцінавіча, жыццярадаснасць, захопленасць пачуццяў. А таксама рухомасць сонечнага святла, узаемапранікнёнасць фарбаў. Як і ў іх, на яго палотнах мы бачым, што прастора патанае або раствараецца ў зіхоткай прасветленасці паветра.
Менавіта так глядзіцца, у прыватнасці, адзін з лепшых у нашай экспазіцыі твораў «Туманы Палесся». Гэта вельмі жывое ўвасабленне летняй раніцы, ахопленай воблачным мроівам, у якім патанае усё: і ледзь бачная вёска, і знікаючыя літаратальна на нашых вачах хісткія дрэвы, і сілуэтна вызначаныя коні... Але адчуванне бясконцасці ўсё ж прасветленай прасторы застаецца. Міжволі прыгадваю, што Мікалай Канстанцінавіч быў яшчэ і вучнем класіка беларускага пейзажу Віталя Цвіркі, які заўжды вызначаўся панарамнасцю кампазіцый і нават эпічнасцю сваіх жывапісных палотнаў. Праўда, Казакевіч больш лірычны, настраёвы. У яго амаль няма той эпічнасці, што вызначае Віталя Канстанцінавіча. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне яго таленавітай самабытнасці.
І тут варта звярнуць увагу на твор, які знаходзіцца побач з «Туманамі Палесся». Праз асляпляльнае сонца усміхаецца нам вясковы светлавалосы хлапчук, каля якога, нібыта ўсплываючы з туману, так даверліва, нават па-сяброўску пазірае гняды конь. Пэўная фрагментарнасць надзвычай выразнага твора не пазбаўляе яго прасторавай велічы. І гэта наша, беларуская веліч. Дзякуючы Мікалаю Канстанцінавічу, ёю маглі любавацца аматары выяўленчага мастацтва Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Германіі, Шры-Ланкі, Фінляндыі, Францыі і іншых краін свету, дзе праходзілі яго выставы.
Адзіная паэтычная стылістыка, празрыстая яснасць, натуральнасць, поўная адмова ад дробнага апісальніцтва, якое справядліва лічаць ілюстратыўным, - вось што адразу ж вызначае М.К. Казакевіча. Ды і дэкаратыўнасць у яго вельмі пластычная. Жывапісная стыхія, лёгкі, рухавы мазок, яркае спалучэнне святла і колеру. Мастацтвазнаўцы даўно адзначаюць, што менавіта ў яго творах вельмі ўдала спалучаецца малюнак, колер, святло, цень, прастора і нават імкненне да гіпербалізацыі.
Памятаю, што ў нашых шматлікіх размовах аб мастацтве Мікалай Канстанцінавіч ахвотна прыгадваў такіх розных і ўсё ж роднасных мастакоў, як Бялыніцкі-Біруля, Куінджы, Іваноў, Каровін, Рэмбрандт, а таксама сваіх выкладчыкаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце: Н. Галоўчанку, А. Малішэўскага, У. Хрусталёва, В. Волкава, А. Мазалёва, В. Цвірку. І тым больш прыемна ўсведамляць, што гэты гомельскі мастак здолеў аддаліцца ад сваіх папярэднікаў на адлегласць уласнага таленту.
Дзвюхзальная светлагорская экспазіцыя пераліваецца ўсімі колерамі паветра, вады, зямлі. Яна пульсуе, свеціцца, надае такую прастору, перад якой вольна і душы, і позірку. Варта ўгледзецца хаця б у «Дарогу да Храма», каб зразумець справядлівасць гэтых слоў. Так, адразу ж пазнаём адзін з маляўнічых куткоў Гомельшчыны. Але колькі ў творы мяккага, зеленкаватага святла, сярод якога ў мроіве паветра ўзнікаюць велічныя абрысы царквы.
З пачуццём удзячнасці мастаку ўглядаемся ў яго «Восень», «Першы снег», «Віцебскую зямлю», «Вялікую ваду на рацэ Бесядзь», у «Восеньскія карункі», «Вечар на Прыпяці»... Зрэшты, трэба пералічваць ці не ўсе 32 пейзажныя творы.
Як бачым, геаграфія іх зусім не абмяжоўваецца Гомельшчынай. Ёсць карціны, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Возера Мястро», «Рака Влтава», «Востраў Валаам», «Кіжы», «Мілаград», «Секір-гара. Салаўкі»... Неяк крыху тэматычна асобна ад іншых трымаецца карціна «У тыле ворага». Мы бачым партызан, якія ў патаемным паўзмроку рамантуюць зброю, каб праз некалькі хвілін уступіць у бой з ворагам. Ёсць нешта і аўтабіяграфічнае у гэтым таксама пранікнёным творы. Вайна адняла ў Мікалая Канстанцінавіча бацьку і маці. Засталося шасцёра дзяцей, якія шукалі паратунку ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны іх чакаў дзіцячы дом. І было яскравае ўсведамленне таленту, якое прывяло будучага мастака ў Мінскае мастацкае вучылішча...
З цікавасцю слухалі госці карціннай галерэі Роберта Ландарскага – Заслужанага дзеяча мастацтваў, кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў, які вельмі хораша разважаў аб творчасці Мікалая Канстанцінавіча. Шмат удзячных слоў пачуў віноўнік урачыстасці і ад галоўнага спецыяліста абласнога ўпраўлення культуры Валянціны Жосткінай, Ганаровага грамадзяніна Светлагорска Аляксандра Чыжа, начальніка раённага аддзела культуры Алены Палавец, прафесара Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргея Рассадзіна, дырэктара індустрыяльнага каледжа Фёдара Скурчаева і іншых. Музычна аздобіў урачыстасць адкрыцця выставы баяніст Дзяніс Лабачоў.
Нам застаецца толькі дадаць, што аматары выяўленчага мастацтва могуць пабачыць казакевіцкія «Фарбы зямлі і неба» на працягу месяца.