Гаворыць сэрца роднай мовайПраз родную мову, праз слова адраджаецца душа чалавека, душа народа, душа нацыі.У дзень свята беларускага пісьменства і друку мы заўсёды аддаём даніну павагі ўсім тым, хто стаяў ля вытокаў беларускага мовазнаўства. Сярод шматлікіх імёнаў нельга не вызначыць славутага нашага земляка Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча. Нарадзіўся ён 8 мая (26 красавіка па ст. стылю) 1883 года ў весцы Данілаўка, што за некалькі кіламетраў ад Парыч. Бацькі яго – Міхаіл Паўлавіч і Ева Дзімітрыеўна – лічыліся на той час землеўладальнікамі маёнтка Данілаўка Бабруйскага павета, бо мелі значны земляны надзел – 334 дзесяціны (прыкладна 350 га). Багаты на гісторыю і культуру Парыцкі край, што захоўвае мноства старажытных таямніц, стаў той крыніцай, з якой Сцяпан Некрашэвіч чэрпаў натхненне для сваёй шматграннай працы. Будучы вучоным і грамадскім дзеячам, ён неаднаразова прыязджаў на малую радзіму, каб яшчэ і яшчэ раз прыслухацца да каштоўных крыніц роднай мовы. Пачалося дзесяцігоддзе напружанай навуковай і грамадскай працы. Першапачатковую адукацыю Сцяпан Некрашэвіч атрымаў у сваёй Данілаўцы ад вясковага “дырэктара”, так у той час называлі хатняга настаўніка. Пасля заканчэння Панявежскай настаўніцкай семінарыі ў 1908 годзе, ён працаваў настаўнікам і працягваў вучобу ў Віленскім настаўніцкім інстытуце. Ужо ў тыя гады малады вясковы настаўнік пачынае захапляцца дыялекталогіяй. Вандруючы разам са сваімі вучнямі па вёсках Бабруйшчыны, спісаў не адзін сшытак. Але пачалася Першая сусветная вайна, і Сцяпан Некрашэвіч быў мабілізаваны ў армію, ваяваў на румынскім фронце. У 1917 г., пасля Лютаўскай рэвалюцыі, добра адукаваны, разважлівы і разумны салдат быў выбраны членам армейскага камітэта, працаваў у воінскіх часцях. Потым ён апынуўся ў Адэсе, дзе затрымаўся на некалькі гадоў, працуючы на карысць роднай Беларусі: кіраваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы і вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабілізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаганням, у Адэсе было адкрыта 30 беларускіх пачатковых школ і беларуская змешаная гімназія ў саставе першых чатырох класаў. Адначасова і сам вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце, скончыў два курсы. У гэтыя ж гады актыўна займаўся палітычнай дзейнасцю. Сцяпан Некрашэвіч з’яўляўся адным з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая выступала за самастойнасць Беларусі. Летам 1920 года С.Некрашэвіч пераехаў у Мінск і прапанаваў свае паслугі Народнаму камісарыяту асветы.Пачалося дзесяцігоддзе напружанай навуковай і грамадскай працы.У студзені 1921 года ў будынку Наркамата асветы быў заслуханы даклад С.М.Некрашэвіча, у якім падкрэслівалася неабходнасць стварэння Інстытута беларускай культуры. “Гэтая установа, – гаварыў Сцяпан Міхайлавіч, – павінна згуртаваць вакол сябе ўсе беларускія сілы, дзе б яны не знаходзіліся, выкарыстаць іх па простаму іх прызначэнню і быць адказнай за культурную справу на Беларусі”. Аднак заснаваць Інбелкульт у той час не удалося. Гэта ідэя была рэалізавана ў форме асобнай навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы, створанай 10 лютага 1921 года ў складзе 15 чалавек. У працы ўдзельнічалі аўтарытэтныя вучоныя, пісьменнікі і грамадскія дзеячы: Я. Купала, Я. Колас, С. Некрашэвіч, географы М.Азбукін, А. Смоліч, фізік А. Міцкевіч і інш. У выніку свет убачылі 23 выпускі Беларускай навуковай тэрміналогіі, прысвечаныя матэматыцы, фізіцы, хіміі, геаграфіі, псіхалогіі, логіцы, граматыцы, літаратуразнаўству. Цяжкім быў шлях стварэння маладой беларускай мовы. Пасяджэнні навукова-тэрміналагічнай камісіі зацягваліся да поздняй ночы. Сцяпану Міхайлавічу, атрымаўшаму даволі грунтоўную для таго часу лінгвістычную падрыхтоўку, прыходзілася спрачацца ў вострых навуковых дыскусіях з апанентамі, некаторыя з якіх не мелі нават сярэдняй адукацыі. Ужо праз два з паловай месяцы пасля утварэння навукова-тэрміналагічнай камісіі яе секцыіі распрацавалі каля 2270 тэрмінаў, акрамя таго, звыш 5 тысяч тэрмінаў было падрыхтавана для зацвярджэння. У студзені 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры, старшынёй якога быў назначаны С. Некрашэвич. За 1922-1924 гады Інстытутам была праведзена значная навуковая работа, асабліва па распрацоўцы тэрміналогіі і выданні падручнікаў. Акрамя гэтага, пад кіраўніцтвам Сцяпана Міхайлавіча і яго паплечнікаў, паспяхова праводзіліся экспедыцыі па вывучэнню прыродных багаццяў, культуры Беларусі. Характэрнай з’явай таго часу была арганізацыя вакол Інбелкульта краязнаўчага руху, адным з ініцыятараў яго выступіў Сцяпан Некрашевіч. Краязнаўчыя арганізацыі пачалі дзейнічаць у Магілёве, Віцебску, Оршы, Барысаве, Чэрвені і існавалі як акруговыя, і раённыя таварыствы, краязнаўчыя гурткі пры школах, сельсаветах, хатах-чытальнях. У 1922 годзе была арганізавана спецыяльная слоўнікавая камісія, дзейнасць якой дазволіла за кароткі перыяд падрыхтаваць першыя ў беларускім мовазнаўстве створаныя на навуковай аснове “Беларуска-рускі слоўнік” на 30 тысяч слоў і крыху пазней – “Руска-беларускі слоўнік” на 60 тысяч слоў (аўтары – М. Байкоў і С. Некрашевіч). Таксама з Нерашэвичам звязаны пачатак працы па стварэнні максімальна поўнага тлумачальнага слоўніка жывой беларускай мовы. На жаль, у час Вялікай Айчыннай вайны ўся картатэка слоўніка і апрацаваныя артыкулы загінулі.Сцяпан Міхайлавіч уваходзіў у склад урадавай камісіі, якая праводзіла рэарганізацыю Інстытута беларускай культуры ў Беларускую Акадэмію навук. У снежні 1928г. ён зацверджаны правадзейным членам і віцэ-прэзідентам Беларускай Акадэміі навук. Ён быу выкладальнікам беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах, а таксама стаў аўтарам першых паслярэвалюцыйных падручнікаў для дзяцей – “Беларускага лемантара” і чытанкі “Роднае слова”.Раніцай 21 ліпеня 1930 года С.М.Некрашэвіч разам з В.У.Ластоўскім быў арыштаваны на параходзе “Табольск”, што плыў па сібірскай рацэ Обь. Шмат месяцаў ён прасядзеў у турме. З-за турэмных крат Сцяпан Міхайлавіч даведваўся, што адбываецца “на волі”. У дакументах КДБ, якія знаходзяцца ў архіве, абвінавачванні гучаць так: былы член партыі беларускіх эсэраў ён нібыта з’яўляўся членам контррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз адраджэння Беларусі – Саюз вызвалення Беларусі”. С. Некрашэвіча выслалі ў г. Сарапульск Удмурцкай АССР тэрмінам на пяць гадоў. Там ён працаваў планавіком-эканамістам, бухгалтарам і працягваў верыць у свой светлы дзень. Але дзень той так і не настаў. Вучонага зноў арыштавалі. У абвінаваўчым заключэнні сцвярджалася, што С. Некрашэвіч – агент польскай разведкі, па заданні якой праводзіў шпіёнскую работу на тэрыторыі СССР і вербаваў новых асоб для ўдзелу ў агентурнай працы, член нацыянал-фашысцкай арганізацыі. Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР 19 снежня 1937 г. прыгаварыла Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй усёй асабістай маёмасці. Прысуд быў выкананы літаральна на наступны дзень. Жонка рэпрэсіраванага навукоўца Марыя Сяргееўна Ціманькова, не вытрымаўшы выпрабаванняў, рана пайшла з жыцця. Чалавек складанага і трагічнага лёсу С. Некрашэвіч быў рэабілітаваны толькі ў 1988 г.Сёння таленавіты беларускі вучоны вяртаецца да нас як вялікі патрыёт сваёй Бацькаўшчыны і як чалавек, які вышэй за ўсё ставіў развіццё нацыянальнай культуры.Сцяпан Некрашэвіч быў выдатным грамадскім і дзяржаўным дзеячам Беларусі 20-х гадоў. Яго неаднойчы выбіралі дэпутатам усебеларускіх з’ездаў Саветаў і членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. Але ўлетку 1930 года праца вучонага спынілася. У канцы 20-х гадоў, калі напал палітычнай барацьбы абвастрыўся, была ўзбуджана “справа” аб беларускіх нацдэмах. У чым толькі не абвінавачвалі славутага вучонага! Яго асабістыя меркаванні палічылі злачынствам, а вывучэнне народнай культуры – нацыяналізмам.
«Нясу яе да людзей…»
Светлагорская зямля багатая на таленавітых людзей. Яны, як дыяменты, аздабляюць наша жыццё. Шкада толькі, што не на ўсіх хапае чалавечай памяці. І вось яшчэ адно імя, якое нельга забыць – Сяргей Несцеравіч Прач. У мінулым годзе яму споўнілася б 90 гадоў. Нарадзіўся наш зямляк у Расаве былога Парыцкага, а зараз Светлагорскага раёна. З малых гадоў зведаў усю асалоду і цяжар сялянскага жыцця, працаваў рабочым у арцелі імя Варашылава ў вёсцы Печышчы. У 1936 – 1939 гадах вучыўся ў Мінскім тэхнікуме народнагаспадарчага ўліку, пасля тэхнікума ў жніўні 1939 года паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Але ў лістападзе 1939 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі.З першых дзён вайны – на фронце. Ваяваў у складзе Заходняга, Другога і Трэцяга беларускіх франтоў. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчынай вайны 2-й ступені, медалямі «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчынай вайне 1941 – 1945 гг», «За ўзяцце Кенігсберга».У мірны час Сяргей Несцеравіч працаваў у калгасе, затым – адказным сакратаром раённага радыёвяшчання. З 1948 года ён з’яўляўся супрацоўнікам раённай газеты “Ленінская перамога.” Бадай, з гэтага часу і пачынаецца сур’ёзнае захапленне краязнаўствам.Сяргей Несцеравіч лічыў, што самае галоўнае багацце культуры беларусаў – родная мова. Увесь свой вольны час наш зямляк прысвячаў вывучэнню мясцовых дыялектаў, збору тапанімаў, звестак аб гісторыі ўзнікнення населеных пунктаў раёна, аб знакамітых земляках, вёў вялікую даследчую працу ў гэтым накірунку, шмат працаваў з архіўнымі матэрыяламі, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні музея гісторыі горада Светлагорска. Сабраў, апісаў і перадаў музею больш за 100 экспанатаў. Выступаў на радыё і ў друку з ваенна -патрыятычнымі і краязнаўчымі тэмамі. У час вучобы ў Мінскім педагагічным інстытуце, які ён паспяхова закончыў у 1965 годзе, С.Н.Прач сур’ёзна вывучаў дыялекты жыхароў вёсак Парыцкага раёна. І гэты матэрыял увайшоў у зборнік “Матэрыялы для слоўніка народна-дыялектнай мовы”, які быў выдадзены Беларускім дзяржаўным універсітэтам у 1960 годзе пад агульнай рэдакцыяй Ф.Янкоўскага. Вывучэннем мясцовых дыялектаў краязнаўца займаўся да канца сваіх дзён. Ён сабраў і падрыхтаваў да выдання слоўнік дыялектаў Парыцкага раёна, але выдаць яго так і не паспеў. У гэтым накірунку С.Н.Прач прадоўжыў працу нашых землякоў А.Шыманоўскага і С.Некрашэвіча.Нам з вамі пашчасціла, што працы нашага земляка не згубіліся. У свой час рукапісы слоўніка мясцовых дыялектаў С.Н.Прача перадаў у раённую бібліятэку былы настаўнік Мікалаеўскай школы Аляксей Уладзіміравіч Русіновіч, сябра Сяргея Несцеравіча.І вось новенькі, пахнучы друкарскай фарбай, слоўнік перад намі, пакуль толькі ў двух экзэмплярах. Ён выйшаў пад назвай “Мова зямлі Светлагорскай”. У выданне ўвайшлі 980 слоў, размешчаных у алфавітным парадку, і студэнцкая праца аўтара “Лексічныя асаблівасці гаворак Парыцкага раёна”. У афармленні вокладкі выкарыстана аўтарская работа фотакарэспандэнта раённай газеты “Светлагорскія навіны” Д.А.Хаміцэвіча. Рэдакцыю слоўніка зрабіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №10 Г.Ф.Клешчанка. Кніга знаходзіцца ў раённай цэнтральнай бібліятэцы.Без мовы няма той краіны, У якой нашы продкі жылі. Як няма без вады расліны, Як няма без раслін зямлі. Як няма без гісторыі краю, Як няма жыцця без надзей. Мову родную ў сэрцы я маю І нясу яе да людзей.Павел Мітар “Мая мова”Галіна Маладзьянава, бібліятэкар Светлагорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі