Выставы фатографа Алены Кітаевай

Алена Кітаева

Хто можа спыніць імгненне, непаўторнае, уражлівае? Акрамя фатографа, бадай, ніхто. Нельга папрасіць птушку пазіраваць ды яшчэ пачакаць, пакуль фатограф знойдзе нейкі правільны ракурс… Гэта імгненне трэба ўмець спыніць.

Вы скажаце – вось навіна… зараз у кожнага ёсць фотакамера. Націснуў на кнопачку ды й годзе, гатова! Але пасля такой здымкі не заўсёды знойдзеце патрэбны кадр – здымак, які ўразіць сваёй непаўторнасцю не толькі аўтара, але і тых, каму давядзецца яго разглядваць. А ёсць сапраўдныя майстры сваёй справы, якія робяць такія фотаздымкі, што дух захоплівае. Вось іх і трэба паказваць шырокай аўдыторыі, каб і іншыя маглі палюбавацца прыгажосцю і непаўторнасцю мастацкіх работ.

Выставы фатографа Алены Кітаевай

Супрацоўнікам Светлагорскага раённага Дома рамёстваў пашчасціла знайсці такога майстра, і 3 верасня 2014 года адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы фатографа Алены Кітаевай. У экспазіцыі – фотаздымкі беларускай прыроды і краявіды Крыма. Кожная работа – гэта сапраўдная прыгажосць. Прыгажосць, якую можа ўбачыць вока назіральнага чалавека, які вельмі любіць прыроду, заўважае яе непаўторнасць і ўмее падсцерагчы і захаваць гэтае імгненне.

Гомельская фотамастачка ўпершыню адкрыла персанальную выставу ў нашым горадзе – восьмую ў агульным ліку. У Алены Іванаўны ёсць і ўзнагароды – яна не аднойчы брала ўдзел у абласных і рэспубліканскіх выставах і атрымлівала ў іх прызавыя месцы.

Тое, што Алена Кітаева любіць падарожнічаць, відаць па геаграфіі яе работ – ад Чарнаморскага ўзбярэжжа да прастораў Палесся і іншых куточкаў Беларусі. А робіць яна гэта разам со сваім мужам, які, дарэчы кажучы, з’яўляецца яе аднадумцам.

На працягу месяца вас чакае выставачная зала Дома рамёстваў, дзе вы зможаце дакрануцца да незвычайных фотаработ і пранікнуцца імі надоўга, убачыўшы дзівосныя моманты прыроднага каларыту вачамі, поўнымі дабрыні і любові, вачамі цудоўнага чалавека – Алены Кітаевай.