Экспазіцыя твораў Ягора Батальёнка

Экспазіцыя твораў беларускага мастака Ягора Батальёнка

З гэтай нагоды ў пятніцу, 6 снежня, у галерэі адбылася творчая сустрэча з людзьмі, якія свой жыццёвы шлях прысвяцілі мастацтву.

Мерапрыемства магло абмежавацца адкрыццём персанальнай выставы мастака, але Ягор Батальёнак завiтаў да нас не адзін: са сталіцы разам з ім у Светлагорск прыехалі жонка Галіна Віктараўна і пяцёра сяброў, сярод якіх мастакі Генадзь Драздоў і Георгій Скрыпнічэнка, пісьменнік Барыс Роланд, галоўны рэдактар выдавецтва «Мішутка» Міхаіл Дзеравянка, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Іван Яковін.

Па словах Ягора Батальёнка, ён ці не ўпершыню ўбачыў такую колькасць сваіх прац, выстаўленых адначасова.

– Калі карціны знаходзяцца ў майстэрні, то гэта адно, а вось такая вялікая экспазіцыя дазволіла мне заўважыць нейкія хібы, паўторы матываў, – прызнаецца Ягор Ягоравіч.

Спадабалася мастаку і тое, як асветлены палотны: індывідуальна накіраваны паток святла робіць карціны больш жывымі.

Узорны хор хлопчыкаў і юнакоў Светлагорскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Галіны Ур’еўскай-Еўсюковай прывітаў сталічных гасцей і наведвальнікаў галерэі акапэльнымі спевамі. Ад імя гарадской адміністрацыі выступіў Канстанцін Пятроўскі.

Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы, нам удалося задаць Ягору Батальёнку некалькі пытанняў.

– Ягор Ягоравіч, якім быў Ваш шлях у мастацтва?

– Усе пачалося з любові да жывапісу. Сам я з глухой вёскі, не хадзіў ні ў студыю, ні да настаўнікаў – такой магчымасці не было. У мяне проста абудзілася жаданне маляваць. Прычым вельмі позна: недзе ў 9-10 класе. Кожны дзень стаў займацца маляваннем. Паколькі я не ведаў, як гэта рабіць, то проста нешта змалёўваў, карацей кажучы, рабіў так, як я ўмеў. І калі ўжо ў мяне сабраўся адзін альбом, потым другі, трэці, то мяне заўважылі. А дагэтуль мае захапленне маляваннем не прымалі, нават бацька сварыўся, што трэба дровы секчы ці іншую працу па гаспадарцы рабіць, а я тут сяджу малюю. Калі ён убачыў, што я маю здольнасці, то пачаў хадзіць па суседзях, паказваць. Аднавяскоўцы нават рабілі нейкія заказы: намаляваць з фотаздымкаў бацькоў ці яшчэ каго. Напрыканцы школы выбар быў ужо зроблены. Я ведаў, што мне трэба пачынаць вучыцца. І паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Калі вучыўся, то асабліва творчасцю і не займаўся, а толькі выконваў заданні выкладчыкаў. А вось калі я скончыў інстытут, то тады ўжо пачаў працаваць творча: па ўнутраных вобразах, адчуваннях. Я рашыў праявіць сябе. З гэтага і пачалося. І варта было зрабіць адну-дзве работы, як зразумеў, што буду ў гэтым накірунку працаваць. Так у мяне ўсе і пачалося.

– Адкуль у Вашых працах столькі пяшчоты і цеплыні?

– Я думаю, тое, што характэрна для маіх твораў, з аднаго боку, ідзе ад характару майго, а з другога – гэта цяга да духоўных, сакральных рэчаў. Мяне цікавіць філасофія, я стаў вывучаць Біблію. Напэўна, гэта і паўплывала на пяшчоту, на нейкае цяпло…

– Як узнікла ідэя прывезці з сабою такую каманду сяброў?

– Вельмі проста. Мне хацелася, каб гэтая сустрэча адбылася не толькі для мяне асабіста, хаця і гэта важна, але я прывез сюды выдатных творцаў, каб паказаць, што мы ўсе разам, у агульнай абойме, працуем на ніве беларускага мастацтва, культуры.

– Якія ўражанні выклікае ў Вас атмасфера, што пануе ў светлагорскай галерэі?

– Вельмі ўразілі адносіны супрацоўнікаў галерэі да мастака і яго творчасці. Я вельмі задаволены, бо бачу, з якой далікатнасцю і павагай рабілася экспазіцыя. Тут працуюць людзі, неабыякавыя да мастацтва, якія не маюць нейкіх меркантыльных мэтаў. Нават калі гэтым людзям не будуць плаціць ні рубля, яны ўсе роўна будуць жыць з любоўю да мастацтва.

– Вялікі дзякуй за размову!

Варта адзначыць, што працы Ягора Батальёнка ўпершыню экспануецца ў нашым горадзе, але знаходзяцца ў многіх музейных фондах Беларусі і замежжа.

Даведка

Ягор Батальёнак нарадзіўся ў 1946 годзе на Віцебшыне ў вёсцы Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёна. Пасля заканчэння Грынькоўскай сярэдняй школы паступіў вучыцца на МГФ Віцебскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1968 г. Працаваў у Бягомальскай школе-інтэрнаце, у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. З 1974 г. пачаў браць удзел у мастацкіх выставах. З 1981 г. — член Саюза мастакоў Беларусі. Прымаў удзел у шматлікіх выставах у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Іспаніі, Галандыі, Арабскіх Эміратах, Італіі, Польшчы, Германіі.

Акварэлі і пастэлі, творы жывапісу мастака ўвасабляюць веліч і прывабнасць знаёмых да драбніц родных краявідаў.