USD 1 USD
2,11 0,00
EUR 1 EUR
2,42 -0,01
RUB 100 RUB
3,21 -0,01
Курс валют на 22.10.2018, НБРБ
 

Кніга-помнік, прысвечаная савецкім воінскім пахаванням у Еўропе

Кніга-помнік

Выдавецкі дом “Звязда” працягвае прыемна здзіўляць нас кнігамі энцыклапедычна-фаліянтнага кшталту. Вось і зусім нядаўна пабачыла свет яшчэ адна з іх, прысвечаная савецкім воінскім пахаванням у Еўропе. У назве выкарыстаны два заклікальныя дзеясловы: жыць і памятаць. Аўтары – журналістка, перакладчыца Алена Харашэвіч і беларускі гісторык, юрыст, пісьменнік, доктар гістарычных навук, прафесар, ганаровы прафесар Акадэміі права і кіравання Міністэрства юстыцыі Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Шаркоў. Але па ўсім відаць, што духоўным сааўтарам можна па праву лічыць настаяцеля Ўсіхсвяцкага прыхода ў Мінску пратаіерэя Фёдара Поўнага. І справа не толькі ў тым, што выкарыстаны шматлікія фотаздымкі з яго асабістага архіва, але і сама кніга цалкам стасуецца з тым, што стала сутнасцю ўзведзенага, дзякуючы яго намаганням, храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Бацькаўшчыны нашай паслужыўшых.

Адкрываецца кніга зваротам мітрапаліта Філарэта, ганаровага патрыяршага Экзарха Ўсея Беларусі: “Усё далей у глыб гісторыі адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але час не ўладарны над людскімі сэрцамі. У іх жыве і заўжды будзе жыць памяць аб подзвігах і мужнасці тых, хто абараняў сваю Радзіму, выратоўваў свет ад фашысцкага занявольвання, адстойваў светлую будучыню”. Амаль афарыстычна гучаць і словы аўтараў кнігі, якія працягваюць вызначанае мітрапалітам: “Памяць вучыць і заклікае, пераконвае і перасцерагае, дае сілы і ўнушае веру…”

Прысвечана выданне 70-годдзю Вялікай Перамогі. Яно стала першым вынікам унікальнага праекта, які ажыццяўляецца прыгаданым намі Ўсіхсвяцкім прыходам з блаславення яго настаяцеля пратаіерэя Фёдара Поўнага. Цяжка нават уявіць усё тое, што папярэднічала напісанню гэтай кнігі. Давялося наведваць далёкія і блізкія ад Беларусі месцы баёў, шукаць воінскія пахаванні, вывучаць іх, рабіць здымкі і відэазапісы… А яшчэ трэба было ўзяць зямлю з гэтых пахаванняў для крыпты, збіраць і ўдакладняць шматлікія звесткі аб тым, дзе знайшлі апошні прытулак загінуўшыя. Першая экспедыцыя прайшла па рэгіёнах Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Італіі. Аўтараў цікавілі не толькі магілы воінаў, але і ваеннапалонных, якія былі закатаваны ў нацыстскіх канцлагерах, на прымусовых работах, а таксама непаўналетніх вязняў. Гэта толькі пачатак экспедыцыі. Бо трэба наведаць 49 краін, каб удакладніць тое, што яшчэ, мабыць, і не спрабавалі высвятляць. І хаця аўтары не засяроджваюць на гэтым увагу, але па ўсім відаць, што стаўленне да іх духоўнага клопату не ўсюды аднолькавае. А мэты іх самыя высакародныя: даследаванне архіўных дакументаў, якія дапамаглі б нешта даведацца аб лёсах вайскоўцаў, што загінулі на палях баёў або памерлі ў палоне, а таксама ўтрымлівалі б звесткі аб перазахаваннях і доглядзе за гэтымі могілкамі.

Энцыклапедычнасць кнігі яшчэ і ў тым, што яна ўтрымлівае безліч гістарычных дакументаў, якія вельмі і вельмі рэдка прыгадваюцца. Вось толькі адзін факт. Вясной 1944 года савецкія войскі ўвайшлі ў Румынію. Тады ж урад СССР недвухсэнсоўна заявіў аб мэтах Савецкай Арміі. Указвалася, што наша на той час агульная краіна не збіраецца набываць нейкую частку тэрыторыі Румыніі, а ўсё дыктуецца выключна ваеннай неабходнасцю. Вось яна – духоўная сутнасць вызвалення Еўропы!

З кнігі можна даведацца і аб найбольш значных замежных наступальных аперацыях. Гэта – Ясска-Кішынёўская, Львоўска-Сандамірская, Будапешцкая, Белградская, Вісла-Одэрская, Венская, Берлінская, Пражская… У іх удзельнічала 11 франтавых аб’яднанняў, 2 франты супрацьпаветранай абароны, 4 флаты, 50 агульнавайсковых, 6 танкавых, 13 паветраных армій, 3 ваенныя флатыліі… Амаль 8 мільёнаў савецкіх воінаў больш за год вялі жорсткія баі з ворагам на тэрыторыі 10 краін Еўропы. Тэрыторыі, якая ахоплівала 2,2 мільёна квадратных кіламетраў. Звыш мільёна савецкіх воінаў загінулі ў тых баях. Воінскія магілы, як сказана ў кнізе, густа рассеяны ад Буга на захад па еўрапейскіх дзяржавах. Яны заклікаюць да нашай сённяшняй памяці.

Вядома ж, найбольшая колькасць воінскіх пахаванняў знаходзіцца на тэрыторыі Германіі. Іх – 3600, дзе знайшлі апошні прытулак амаль 760 тысяч грамадзян былога СССР. Гэтыя пахаванні адзначаны 120 мемарыяламі, помнікамі, памятнымі знакамі.

Кніга “Жить и помнить” дазваляе нам рабіць своеасаблівае завочнае падарожжа па Германіі, каб пазнаёміцца з найбольш значнымі мемарыяламі: у Ціргартэне, у Трэптаў-Парку, на Зеелаўскіх вышынях, у Цайтхайне, а таксама пабываць на мемарыяльных могілках Марцана, Райнікендорфа, Басінплаца, Грундхайдзэ і іншых. І гэта не проста пералічэнне, а падрабязнае знаёмства.

Нельга не звярнуць увагу і на апісанне брацкіх магіл. Адна з іх – у Дрэздэне, дзе пахаваны непаўналетнія вязні, якія былі народжаны жанчынамі-гастарбайтарамі і памерлі ў першыя месяцы сваіх жыццяў. І вядома ж, нікога не пакіне абыякавым знаёмства з мемарыяльным комплексам Дахау. Гэта быў першы канцэнтрацыйны лагер у фашысцкай Германіі. Тут праводзіліся жудасныя медыцынскія эксперыменты над зняволенымі. Іх зараджалі трапічнай малярыяй, гангрэнай, тыфам, гепатытам, халерай і спрабавалі лячыць. Толькі з сярэдзіны 1941-га да канца 1942-га года было праведзена каля 500 аперацый над здаровымі вязнямі. Ставіліся эксперыменты на нізкія тэмпературы. Амаль усе вязні гінулі ад гэтых доследаў. Цяпер на месцы крэматорыя ўстаноўлены мемарыяльны камень з надпісам: “Падумайце, як мы паміралі тут”. Непадалёку з’явілася і праваслаўная Свята-Васкрасенская капліца-помнік, у якой служыць айцец Мікалай Забеліч (родам, дарэчы, з Беларусі). Неаднойчы сустракаўся з ім пратаіерэй Фёдар Поўны. Аб гэтым яскрава сведчаць некаторыя фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе.

Тых, хто будзе яе чытаць, мабыць, да слёз усхвалюе аповед пра мемарыял ахвярам расстрэлу на стрэльбішчы Хебертсхаўзен. Непадалёк ад канцлагера Дахау знаходзіцца месца, на якім эсэсаўцы вучыліся страляць па жывых мішэнях. Мішэнямі былі нашы суайчыннікі. Толькі за першы год вайны тут знішчана больш за 4 тысячы савецкіх ваеннапалонных. Прозвішчы некаторых з іх аўтары кнігі змаглі ўдакладніць.

Панарамна, нібы ў жудасным сне, узнікае перад намі Майданек, што ў Польшчы, які звыкла называлі лагерам смерці. Створаны ён 20 ліпеня 1941 года па загаду Гімлера. Каля 2 тысяч савецкіх ваеннапалонных адчулі тут на сабе ўсю невыноснасць такога існавання. Масавае знішчэнне вязняў пачалося восенню 1942-га. Тады для гэтага немцы ўпершыню выкарыстоўвалі атрутны газ “Цыклон Б”. Для спальвання ахвяр тут было 5 печаў. Толькі 3 і 4 лістапада 1943 года забіта да 43 тысяч яўрэяў (18 тысяч з іх – у Майданеку).

Аўтары кнігі лічаць за лепшае, што называецца, даць магчымасць выказацца фактам. Яны не прамаўляюць гучных і нават трагічных слоў. Але тое, што засведчылі, само вымушае рабіць гэта. Мы знаёмімся з помнікамі, з месцамі пахаванняў, з брацкімі магіламі не толькі ў Германіі, але і амаль ва ўсіх краінах Еўропы. А гэта і савецкі мемарыял Амрас у Аўстрыі, і могілкі-маўзалей у Варшаве, і манумент-помнік на гары Гелерт у Венгрыі, брацкая магіла на Вакавіцкіх могілках у Чэхіі…

Наогул хочацца гаварыць нават не аб удалым афармленні гэтага выдання, а пра своеасаблівы дызайн помніка, якім стала сама кніга. Мне аб яе духоўным сэнсе асабліва прыемна гаварыць, бо яшчэ ў верасні мінулага года газета “СБ Беларусь сегодня” надрукавала мой артыкул, які тычыўся неабходнасці стварыць грамадскае аб’яднанне абаронцаў памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Дзякуючы намаганням энтузіястаў гэтай ідэі, з’явіліся мінскае гарадское і гомельскае абласное аб’яднанні. Спадзяюся, што неўзабаве будзе створана і рэспубліканскае. Многае для ўшанавання памяці герояў і ахвяр вайны зроблена і робіцца ў Беларусі. А тое, што за межамі нашай краіны, у апошні час выклікае ўсвядомленую трывогу. Вось чаму “Жить и помнить” – вельмі своечасовае і неабходнае выданне. Нават калі б у нас не было прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне”, то яе трэба было б заснаваць, каб адзначыць ёю аўтараў кнігі. І цудоўна, што такое ўганараванне нядаўна адбылося.

Присоединяйтесь к нам в Twitter, ВКонтакте, Facebook, Google+ и Одноклассниках чтобы быть в курсе последних событий города Светлогорска. Если у вас есть интересная светлогорцам информация, пожалуйста, сообщите о ней!

Добавить комментарий

Защитный код Обновить