×

Сообщение

Ничего не найдено.

«Скульптурныя фантазіі»

так называецца выстава незвычайных вырабаў, аўтарам якой з'яўляецца электраманцёр вытворчага аб'яднання «Хімвалакно» Васіль Коваль.

Хто ён, аўтар гэтых прывабных твораў: мастак? скульптар? разбяр па дрэве? Хутчэй за ўсё ў ім сышліся якасці ўсіх гэтых пералічаных творчых прафесій. Адно бясспрэчна: ён проста таленавіты чалавек са сваім мастацкім бачаннем таго, што тоіцца ад звычайнага позірку. Пагадзіцеся, што заўважыць нейкую выяву ў звычайных кавалках карэння дрэў, кары, наростах на ствалах або ў перапляценнях галінак – справа нялёгкая. Але Васіль Іосіфавіч заўважае беспамылкова. А потым застаецца толькі дапамагчы гэтай выяве праявіцца. Гэта значыць, адкінуць усё лішняе, падкрэсліць галоўнае. І тады раптам так пазнавальна ўзнікаюць героі знакамітай байкі Крылова «Варона і лісіца», бездапаможнае, такое пяшчотнае ў сваёй даверлівасці да навакольнага свету ласянё або істота з іншай планеты...

Наогул, казачнага ў скульптурных выявах Васіля Коваля шмат. Мы бачым таямнічага лесавічка, які выглядвае са свайго надзейнага дуплістага сховішча, або не менш экзатычнага дыназаўрыка ці пелікана... Загадкава пазіраюць на нас жырафы, чаплі і ўжо зусім казачны вадзянік. Здаецца, што вось-вось зрушыцца з месца і папаўзе насустрач нам краб або пабяжыць імклівы дзік. Дзецям цікава назіраць, як пазяхае жаба, як абшчапілі вазу два лемурчыкі або як мераюцца сілай маладыя ласі.

Майстэрства Васіля Іосіфавіча дазваляе стварыць нават драўляную ружу або зноў-такі кветкавы нацюрморт. Яго скульптурныя выявы пазіруюць, танцуюць, займаюцца акрабатыкай, летуценяць... Выдатна ілюструюць прымаўкі («Першы блін комам»), узнаўляюць побытавыя рэчы, што сваё, здаецца, ужо адслужылі («Стары кошык», «Старэнькая ваза»).

Талент заўжды бачыць інакш і лепш. Тое, што паказвае наведвальнікам галерэі Васіль Коваль, заслугоўвае шчырага захаплення. Даўно ведаю гэтага сціплага, але незвычайнага чалавека. Яго мастакоўскі густ дазваляе амаль беспамылкова арыентавацца ў выяўленчым мастацтве. А яшчэ ён бездакорна валодае беларускай мовай, што само па сабе сведчыць аб вернасці народным традыцыям, народнай творчасці. Ды і скульптурныя фантазіі ўзнікаюць у сааўтарстве з роднай прыродай.

«Так, мабыць, ужо наканавана, – разважае Васіль Іосіфавіч. – Мне было гадоў 10, калі я ўпершыню ў Мінску трапіў на выставу, дзе экспанаваліся творы аднаго з народных умельцаў. Мяне гэта вельмі ўразіла. Аказваецца, тое, з чаго ўзнікаюць такія цудоўныя скульптурныя кампазіцыі, як гаворыцца, валяецца літаральна пад нагамі. Трэба толькі заўважыць, а потым дапрацаваць».

З 1974 года працуе В.І. Коваль у вытворчым аб'яднанні «Хімвалакно». І ўвесь гэты час спалучае асноўную працу са сваім мастацкім захапленнем. І трэба прызнаць, што ён стаў сапраўдным майстрам скульптурных фантазій.

Похожие материалы: